Выстава Анатоля Скамарошчанка «Жывапіс»
01.10. 2020 – 24.10.2020 г.
Вернісаж - 1 кастрычніка ў 18:00
Гродзенская выставачная зала
Вул. Ажэшкі, 38
+375 (152) 62-29-82
Запрашаем на адкрыццё выставы аднаго з самых знакамітых гарадзенскіх мастакоў Анатоля Скамарошчанка, якая пройдзе з 01.10 па 24.10.2020 г. Вернісаж адбудзецца 1 кастрычніка ў 18:00.
Анатоль Скамарошчанка нарадзіўся ў 1954 годзе ў г. Гродна. Ён вельмі
любіў маляваць і ляпіць, таму кінуў музычную школу, а на сабраныя
«школьныя» грошы купляў фарбы і алоўкі. І маляваў, маляваў… – нават
уночы, употай пад святлом месяца…
Пра сябе Анатоль гаварыў так:
«Я – мастак, таму магу бачыць не як у люстэрку, а заўважыць нейкую сваю
альбо схаваную праўду. У чалавека бываюць таямніцы, і раскрыць іх – гэта
задача мастака. Гэтым мы адрозніваемся ад фотаапаратаў. І не абавязкова мы
раскрываем радасны бок чалавека».
Некаторыя факты з біяграфіі:
· У 1970 г. паставіў бацькоў перад фактам, што ён паступіў у Мінскае
мастацкае вучылішча імя. Глебава. Пасля паспяховага заканчэння прыехаў вучыць вясковых дзетак маляванню і чарчэнню. Яны былі ад яго ў захапленні, але працаваў Анатоль у Валеўскай школе нядоўга – не адпавядаў школьнай сістэме...
· У 1976-1981 гг. вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры «ДПМ», па спецыяльнасці «Кераміка». Яго дыплом «Метамарфозы» да сённяшняга часу захоўваецца ў архіве Акадэміі Мастацтваў і не раз выстаўляўся ў музеі акадэміі, як і цудоўныя малюнкі з натуршчыкаў, паглядзець на якія прыходзілі студэнты-графікі.
· У 1981 г. Анатоль вяртаецца ў родны горад і выконвае шэраг работ ў галіне керамікі ў Мастацкім камбінаце. Затым займаецца распрацоўкай мэблі і інтэр’ераў, а таксама іх роспісам, унутранай і знешняй рэкламай, графічным дызайнам, скульптурай.
· З 1997 г. з’яўляецца членам Саюзу дызайнераў Рэспублікі Беларусь.
· У 1999-2003 гг. выкладае ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы мастацтваў на спецыяльнасці «Кераміка».
· Асноўным напрамкам у творчасці з’яўляецца жывапіс.
Анатоль не толькі арыгінальны Мастак, але і Чалавек. Яго любілі, і таму да
яго ў майстэрню сцякаліся людзі розных узростаў, прафесій, і кожны раз
нараджалася нешта Новае... Быў ён, як гаварылі сябры, вялікім Казачнікам! А
сімвалы-карціны заўсёды выражалі глыбіню думкі.
«Глыбокія рэкі цякуць не спяшаючыся», – любіў паўтараць Мастак.
Так і жыў, так і пайшоў ў свой
Свет – 1 кастрычніка 2019 года…
Гродзенская выставачная зала шчыра запрашае Вас на выставу Анатоля Скамарошчанка “Жывапіс”, якая пройдзе з 01.10 па 24.10.2020 г.
Вернісаж адбудзецца 1 кастрычніка ў 18:00.
Гродна, вул. Ажэшкі, 38
Штодня 10:00 – 19:00
+375 (152) 62-29-82